
Цёплы, амаль летні верасень крочыць па Бабруйску. А гэта цудоўная нагода завітаць у прахалодныя ўтульныя залы нашага тэатра, бо напачатку 81-га тэатральнага сезона мы падрыхтавалі для ўсіх аматараў мастацтва шэраг захапляльных спектакляў і мерапрыемстваў, якія нікога не пакінуць абыякавым.
Першыя дні сезона ўжо паспелі адзначыцца шырокім святкаваннем Дня беларускага пісьменства. Усе ахвочыя бабруйчане наведалі «Ідылію» (рэж. Павел Марыніч) і тэматычныя экскурсіі па закуліссі, падчас якіх чыталі вершы, танцавалі сярэднявечныя беларускія танцы, ладзілі фотасесіі і многае іншае.
Акурат сёння, 10 верасня, мы выправіліся на ХХIХ Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа», што пачаўся ў Брэсце 5 верасня. 29 спектакляў ад 29 творчых калектываў з 6 краін свету – гэта вам не жартачкі! І сярод іх – наш спектакль «Верабей і Анёл. Гісторыя сяброўства Эдзіт Піаф і Марлен Дзітрых» (рэж. Зміцер Нуянзін), які ўжо ўпадабалі нашы гледачы. Дарэчы, адразу пасля фестывалю, літаральна з калёс, маючы ўжо дыплом удзельніка, гэты спектакль будзе сыграны і для вас, шаноўныя бабруйчане. Не прапусціце 13 верасня, каб паслухаць спевы ўжывую і палюбавацца прыгажосцю!

Адначасова з вышэй апісаным, 12 верасня, для аматараў танцаў тэатр падрыхтаваў асаблівую вечарыну «Танцавальная тэрапія», якая ладзіцца пры падтрымцы Беларускай прафесійнай танцавальнай лігі і Клуба гісторыка-бытавога танца «Сябрына» і стане выдатнай магчымасцю адпачыць і атрымаць задавальненне ад жывой музыкі і выкшталцоных рухаў.
Ужо праз тыдзень, 19 верасня, нашых прыхільнікаў чакае першая прэм’ера сезона – спектакль-расследаванне «Ядвіга» па п’есе сябра нашага тэатра Аляксея Дударава, які яшчэ пры жыцці стаў класікам беларускай літаратуры. Памяці і 75-годдзю з дня нараджэння драматурга прысвячаем мы гэту пастаноўку ў рэжысуры Ганны Мацюшковай. Толькі разам з вамі, шаноўныя гледачы, мы разблытаем клубок злачынстваў, што леглі ў аснову сюжэта спектакля. Як вам перспектыва стаць дэтэктывам?

Высакародная пастава самага пазнаваемага і любімага не толькі ў Бабруйску заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Аляксандравіча Парфяновіча 26 верасня прывабіць шмат прыхільнікаў яго таленту на юбілейны вечар «Паўстагоддзя на сцэне». Анягож, за 75 гадоў жыцця і 50 гадоў на сцэне наш мэтр стварыў больш за 150 роляў у тэатры і больш за 80 кінароляў! Сустрэнемся, каб павіншаваць Артыста і дакрануцца да высокага мастацтва.
Для тых, хто любіць рэтра, мы прапануем гастролі Магілёўскай гарадской капэлы з канцэртам «Музыка савецкіх фільмаў» – аматары жывой музыкі будуць задаволены! Нават іспанская класіка будзе на нашай сцэне ў верасні – «Дом Бернарды Альбы» Гарсіа Лоркі ў выкананні Новага драматычнага тэатра Мінска.
Не забудзьцеся таксама наведаць казкі для дзяцей, якія будуць прадстаўлены на сцэне тэатра. Гэта выдатная магчымасць для маленькіх гледачоў акунуцца ў свет фантазіі і магіі, дзе іх чакаюць незвычайныя прыгоды і сустрэчы з любімымі героямі: на сцэну выйдуць Ямеля і Аладзін, Бураціна з кампаніяй і Зайчык з Лісой, а таксама «Іншапланецянін»!
Вы ж разумееце, што гэта толькі пачатак. Планы нашы сягаюць ужо да Новага года: «Снежная каралева» ніяк не дачакаецца, калі можна будзе прыляцець да бабруйскага гледача. А сустрэнем мы яе на нашай сцэне абавязкова разам з вамі, шаноўныя гледачы.
Не прапусціце шанец атрымаць незабыўныя ўражанні падчас 81-га тэатральнага сезона! Пачніце ўжо сёння планаваць свой культурны верасень і ўвесь год! Да сустрэч у тэатры!