Дырэктар бабруйскага прадпрыемства «Чырвоны харчавік»,
член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і
фінансах, дэпутат Магілёўскага аблсавета Сяргей Анюхоўскі адзін з тых
маладых кіраўнікоў, якія сёння з'яўляюцца непасрэднымі рухавікамі
беларускай эканомікі. У Слаўгарадзе ў рамках выканання Указа Прэзідэнта №
235 і пры фінансавай падтрымцы дзяржавы рэалізуецца ўнікальны праект
«Чырвоны харчавік-Слаўгарад». Ужо сёлета тут будзе наладжана вытворчасць
мёду з уласнага пчальніка, а налета плануецца запусціць лінію па вырабе
мармеладу.
Сяргей Анюхоўскі лічыць, што ўдзел у праграме развіцця
паўднёва-ўсходняга рэгіёна дасць Слаўгарадскаму раёну магчымасць
палепшыць сваё эканамічнае становішча. У тым ёсць яго асабістая
зацікаўленасць. Бо менавіта гэты раён, акрамя Бабруйска і Асіповіцкага
раёна, ён курыруе як сенатар. Тут жывуць яго выбаршчыкі, і дэпутат
паказвае, як ён стаіць на ахове іх інтарэсаў. Для Слаўгарада, дзе няма
буйных вытворчасцяў, стварэнне такога прадпрыемства — гэта рэальная
магчымасць забяспечыць людзей рабочымі месцамі і годнай зарплатай.
— У маёй дэпутацкай дзейнасці адным з прыярытэтных кірункаў
бачу паляпшэнне інвестыцыйнага клімату ў рэгіёне, — кажа сенатар. —
Слаўгарад мае вельмі вялікую патрэбу ў гэтым. На мадэрнізаваным участку
прадпрыемства, у якое мы зараз укладваем грошы, будзе наладжана
вытворчасць мармеладу. І мяркуецца зусім іншы ўзровень і асартымент, чым
у Бабруйску. На сучасным абсталяванні будзем вырабляць 400—450 тон
салодкай прадукцыі ў месяц. Два раёны вобласці будуць пераплецены
нітачкай «Чырвонага харчавіка». Гэта рост эканомікі рэгіёна і як
следства — напаўненне мясцовага бюджэту і стварэнне новых рабочых
месцаў.
Для любога кіраўніка вельмі важна ведаць, чым дыхае калектыў,
якія праблемы яго турбуюць. А для дэпутата гэта заклапочанасць не
абмяжоўваецца рамкамі аднаго калектыву.
— У час асабістых прыёмаў у раёнах людзі ў большай ступені
звяртаюцца з жыццёвымі праблемамі — на 70—80 % гэта пытанні ЖКГ, — кажа
Сяргей Анюхоўскі. — Некаторыя просяць дапамагчы з працаўладкаваннем, з
добраўпарадкаваннем і абсталяваннем дзіцячых гульнявых пляцовак,
арганізацыяй руху грамадскага транспарту. Па магчымасці дапамагаю.
Нядаўна да мяне звярнуліся жыхары дома з вуліцы 50-годдзя ВЛКСМ, 63а ў
Бабруйску. Праблема была ў слабым ціску пры падачы халоднай вады на
верхнія паверхі. Спецыялісты «Водаканала» аператыўна адрэагавалі на
дэпутацкі запыт і праз некалькі дзён ліквідавалі непаладкі. Па выніках
зваротаў па добраўпарадкаванні ў Асіповічах былі абсталяваныя дзіцячыя
гульнявыя пляцоўкі. Па магчымасці вырашаю пытанні, з якімі людзі
звяртаюцца падчас сустрэчы ў працоўных калектывах. Там яны часцей за ўсё
датычацца работы, развіцця прадпрыемства, галіны, эканомікі. Дарэчы, на
базе фабрыкі «Чырвоны харчавік» праводзяцца сумесныя прыёмы грамадзян з
прадстаўнікамі заканадаўчай, выканаўчай улады, праваахоўных органаў.
У Савеце Рэспублікі за дэпутатам замацавана некалькі
законапраектаў, якія зараз знаходзяцца на разглядзе парламентарыяў. Як
кіраўнік з вопытам, які на адказных пасадах працуе ўжо каля 20 гадоў,
Сяргей Анюхоўскі заўсёды лічыць патрэбным пацікавіцца думкай
спецыялістаў.
— Калі разглядаюцца вузкія законапраекты, то стараюся
падключыць прафесіяналаў на месцах, — кажа ён. — Напрыклад, за мной
замацаваны закон «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці». Я звяртаўся
да бухгалтараў нашага і іншых бабруйскіх прадпрыемстваў, каб яны
агучылі думкі і далі экспертную ацэнку па падрыхтоўцы законапраекта. Бо
менавіта яны потым будуць кіравацца гэтым заканадаўствам на месцах і
вельмі важна, каб яно працавала як гадзіннік.
Нэлі ЗІГУЛЯ